Калі рэжысёру «Шлюбнай гарачкі» Робэрту Лукетычу было 15 гадоў, ён даў сабе абяцанне да 30-ці зняць касавы фільм у Галівудзе. Дзеля гэтага ён з'ехаў з роднага Сіднэя і паступіў у Мастацкую школу кіно і тэлебачання ў Мельбурне. Пасля пераехаў у Лос-Анжэлес, дзе некалькі гадоў працаваў над сцэнаром сваёй першай камедыі. Абяцанне было выканана: Робэрт зняў «Бландынку ў законе», калі яму было 29 гадоў. Першы фільм Лукетыча стаў хітом і пры бюджэце ў 18 мільёнаў даляраў сабраў па свеце больш за 141 мільён.
«Шлюбная гарачка» – гэта восьмы «поўны метр» рэжысёра. Акрамя «Бландынкі ў законе» ён таксама зняў такія хіты, як «Голая праўда», «Лік дваццаць адзін», «Калі свякроў — монстр» ды інш. Фільмы Лукетыча не падабаюцца крытыкам, якія лаюць іх простыя сюжэты і несамавітую акцёрскую ігру. Аднак кепскія адзнакі экспертаў не дужа адбіваюцца на папулярнасці стужак. Гледачы любяць Лукетыча за тое, што пад вясёлай ружовай абгорткай у яго кіно часам хаваюцца разумныя і патрэбныя ідэі.
У «Шлюбнай гарачцы» раскрываецца тэма стаўлення прадстаўнікоў пакалення Y да шлюбу і стасункаў. Міленіялы, калі параўнаць іх з прадстаўнікамі пакалення Х, значна пазней бяруць шлюб і заводяць дзяцей. Асабліва цікава, што сярод тых міленіялаў, хто ўсё ж наважваецца абмяняцца пярсцёнкамі, вельмі невялікі адсотак разводзіцца (у параўнанні з пакаленнем Х). Магчыма, гэта таму, што ў шлюб міленіялы ўступаюць больш свядома, чым пакаленне іх бацькоў.